where@spn.by

Relikt на біс: “Дрэва жыцця” ў акустыцы з аўтэнтычным сюрпрызам

Relikt на біс: “Дрэва жыцця” ў акустыцы з аўтэнтычным сюрпрызам

Беларускі гурт Relikt дасць канцэрт “Дрэва жыцця. Акустыка” ў Моладзевым тэатры эстрады ў Мінску 17 красавіка.

Падчас імпрэзы ў акустычных аранжыроўках прагучаць песні з новага альбома, а таксама некаторыя старыя і ўсімі любімыя кампазіцыі.

“Гурт Relikt мае два бакі: адзін – моцны, энергічны, другі – меладычны і прыгожы. Усе бачылі моц беларускага “Дрэва жыцця” на прэзентацыі, але яшчэ не чулі, як яно прыгожа гучыць у камерным акустычным выкананні. Гэта зусім іншая праграма – для тых, хто хоча плаваць у спакойнай музычнай плыні і чуць кожны нюанс, каму патрэбнае сузіранне ўнутранага свету”, – кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Апроч гітар і перкусіі, на канцэрце можна будзе пачуць глюкафон, цін вістл, традыцыйныя беларускія дудкі і шмат чаго яшчэ.

Дарэчы, яшчэ напачатку сваёй творчай дзейнасці менавіта з акустычнай праграмай гурт атрымаў гран-пры фестывалю “Jesień Bardów” у Польшчы.

“Мы рыхтуем адмысловы выступ – ён будзе падобны на спа-тэрапію душы пад гукі акустычных гітар і нягучных барабанаў, пад гукі голаса, які будзе спяваць ціха, але не задасць сэрцу тугі”, – рэзюмуе музыка.

Альбом “Дрэва жыцця” запісваўся і зводзіўся на легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджалескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.

Рэліз атрымаў найвышэйшыя ацэнкі прафесіяналаў музычнай індустрыі і слухачоў (у тым ліку прэмію Understage за найлепшае гучанне), трапіў у топ беларускіх альбомаў года па версіі Onliner, быў рэкамендаваны карыстальнікам сервісу “Яндэкс.Музыка” ў разделе “Новае”.

Спецыяльным госцем мерапрыемства будзе гурт ASTROŪNA, які спяе аўтэнтычныя народныя песні, што сталі асновай альбома “Дрэва жыцця”, так, як яны гучалі, калі іх спявалі ў даўніну. ASTROŪNA выконвае архаічныя беларускія песні ў традыцыйнай манеры – акапэльна і пад пад акампанемент старажытных інструментаў.

https://www.youtube.com/watch?v=d7Hxn62ahfA

Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. У дыскаграфіі каманды 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 9 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва  Украіне, у Літве і Расіі.

17 красавіка Моладзевы тэатр эстрады, канцэрт “Дрэва жыцця. Акустыка” гурта Relikt

Пачатак канцэрту: 19:00.

Адрас пляцоўкі: г. Мінск, вул. Маскоўская, 8а.