Сеть городских журналов Where Magazines:
в 70 городах мира c 1936 года

Новое

Адам Глобус "Асмалоўскія казкі"

 
 

В Минске 18—19 мая пройдет фестиваль "Город и книги", а в его рамках — презентация литературного сборника "10+10: Минск". В него войдут 10 произведений известных авторов, среди которых Людмила Рублевская, Адам Глобус, Андрей Жалевский и Евгения Пастернак, и 10 текстов молодых писателей. where Minsk совместно с фестивалем запускает спецпроект: несколько произведений известных авторов первыми появятся на нашем сайте. Сегодня — "Асмалоўскія казкі" Адама Глобуса.

Піва, віно, гарэлка…

Калі тваё хлапчуковае дзяцінства прайшло ў двухпавярховым раёне мінскай Асмалоўкі, калі ты скончыў сярэднюю школу, адслужыў у войску і вярнуўся ў бацькоўскую кватэру, ніхто не здзівіцца твайму працаўладкаванню на піўзавод. Так тры таварышы Віця Грыб, Шура Шрот і Вадзік Перацяцька і апынуліся на заводзе, дзе сталі грузчыкамі. Грузілі, кралі, выпівалі. Грыб піў гарэлку, якую выменьваў у рабочых з завода "Крышталь". За два літры піва давалі паўлітроўку гарэлкі. Шрот піў віно. Рабочыя з вінзавода за літр піва выносілі паўлітровую бутэльку мацаванага віна. Перацяцька не займаўся абменамі, жлукціў крадзенае піва.

Самым слабым быў Віця Грыб. Ён хутка спіўся і ад гарэлкі памёр. Смерць таварыша так напалохала Шуру і Вадзіка, што яны дамовіліся кінуць піць. Каб спакусы выпіць было меней, мужчыны нават звольніліся з піўзавода і паўладкоўваліся грузчыкамі ў гастраном, які народ называе "Пад шпілем". Там сябры працавалі ажно да пенсіі. Яны расказвалі, што раз ці два на год да іх у краму заходзіў нябожчык Віця Грыб і прапаноўваў разам выпіць выменянай на "Крышталі" гарэлкі. Шура і Вадзік спужаліся толькі першы раз, а потым вельмі спакойна сустракалі прывід і тактоўна адмаўляліся ад яго прапаноў...

Даўно няма ў Асмалоўцы ні Шуры Шрота, ні Вадзіка Перацяцькі, а цень Віці Грыба ўсё яшчэ з’яўляецца на вузенькіх сцежках каля жаўтасценных двухпавярховых дамкоў і ўсё яшчэ прапаноўвае прахожым выпіць разам з ім бутэльку выменянай за піва гарэлкі.

Лес, папараць-кветка, золата

Жыла ў Асмалоўцы доўгі час бяздзетная пара — Яўген і Рыта Дзічкі. Гадоў дзесяць пражылі, пакуль не нарадзілася ў іх дачка. Назвалі Златай. Звычайная сям’я, звычайнае дзіцятка ў звычайным горадзе... Пра што далей казаць? Пра дзівоснае.

Кожны год на Купалле Рыта і Яўген ездзілі ў лес, каб у зарасніку папараці знайсці чароўную кветку. Той, хто трымае ў руцэ папараць-кветку, бачыць месцы, дзе ў зямлю пазакопвана золата! Пасля нараджэння дачкі Яўген адзін паехаў шукаць папараць-кветку. Шукаў, блукаў і знайшоў. Загарнуў яе ў чырвоную хустачку і прывёз у Асмалоўку.

Зайшоў у кватэру. У дзвярах яго сустрэла жонка. Мужчына перадаў ёй знаходку і пайшоў прымаць душ. Ён страшэнна стаміўся ад начной вандроўкі. Думаў: памыецца, пап’е гарачай гарбаты з малінавым варэннем і разам з Рытай палюбуецца кветкай. Выйшаў мужчына з ванны, а ў кватэры ціха-ціха і зусім цёмна. Пайшоў у спальню. Дачка спіць і жонка спіць. Пабудзіў Яўген сваю Рыту, а тая і ведаць нічога не ведае пра дзівосную кветку. Чорт даў Яўгену пагуляцца з папараць-кветкай, а потым ператварыўся ў жонку і забраў забаўку.

Так усе ў Асмалоўцы думалі і казалі: "Чорт даў — і забраў чорт". Я не спрачаюся. Ёсць у сям’і Дзічак дзяўчынка, гэта не горш за падземныя скарбы з золатам. Нават лепш за іх. Цяпер Купалле Дзічкі святкуюць толькі ў горадзе, у лес па кветку не ездзяць, гадуюць Злату.

Вулічнік, бутэлька, Хатнік
У кожнай мясціне свае адметныя здані, духі і пачвары. Ёсць і ў Асмалоўцы цікавыя постаці, што прыходзяць у наш свет са свету іншага. Адну такую пачвару асмалоўцы клічуць Вулічнік. Ён носіць доўгі, ніжэй за калена, плашчык, на галаве ў яго шэры капялюш. На твары — нос-бульбіна і песняроўскія сіваватыя вусы. Вочы ў Вулічніка — чысцюткі блакіт і круглыя, як у Мулявіна. Сустрэнеш такога і падумаеш: пэўна, гэта артыст з опернага тэатра, балазе тэатр той побач стаіць. Лепей Вулічніка не сустракаць, бо зловіць твой позірк на сабе, зазірне ў вочы, падыдзе і прапануе разам выпіць. Вулічнік выцягне з рукава пляшку з гарэлкай і скажа, што трэба прайсці два крокі, там у яго ўтульная кватэрка, у якой можна будзе спакойна пасядзець, выпіць і пагаварыць пра жыццё-быццё. Па дарозе да кватэркі Вулічнік звычайна расказвае будучаму сабутэльніку смешныя показкі. Чалавек ідзе і ідзе за Вулічнікам, ідзе і не заўважае, што прайшоў не два крокі, а чорт ведае колькі. Можна так цэлую ноч прабадзяцца па горадзе. Адно добра, што показак наслухаешся і насмяешся на тры гады наперад.

Толік Бараноўскі з трыццатага дома прахадзіў за Вулічнікам ажно пяць гадзін. Алесь Лосік з дваццаць восьмага толькі а шостай раніцы дамоў вярнуўся, а Вулічніка ён сустрэў а восьмай вечара, калі з крамы "Суседзі" выходзіў. Васілю Казловічу з трыццаць другога пашанцавала, бо каля вайсковага вучылішча іх спыніў Хатнік. Ён прагнаў Вулічніка і завёў п’янага Казловіча дамоў. Трэба сказаць, што ўсе мужчыны былі на моцным падпітку. Да цвярозых людзей Вулічнік не чапляецца. Каб ён вадзіў па Мінску жанчыну ці падлетка, пра такое ў Асмалоўцы ніхто не казаў. Вулічнік гуляе выключна ў мужчынскія гульні, мусіць, ён яшчэ не чуў пра гендарны баланс. Але гэты пачуе: такія пачвары маюць добры слых і хутка прыстасоўваюцца да новых варункаў у новым часе. І яшчэ... Пазнаць Вулічніка прасцей простага, бо ў яго на руках не па пяць пальцаў, як у людзей, а па тры.

Аловак, майстэрня, возера...
Кастусь Шаранговіч маляваць не любіў, але мастаком стаў. Трэба сказаць, што ў мастакі Кастусь пайшоў невыпадкова. Старэйшы брат хадзіў у мастаках, бацькі ўгаворвалі ісці за старэйшым братам, і самае галоўнае — вадзяны чорт падараваў хлопцу чароўны аловак.

Здарылася тое на беразе Свіслачы. Кастусь сядзеў у парку каля самай вады і старанна маляваў. Рэчку і старыя вербы над вадою. Маляваў, бо старэйшы брат загадаў. Свіслач плыла павольна, над плынню ціха пагойдваліся тонкія срэбралістыя галінкі. Хлопца пацягнула на сон. Ён заплюшчыў вочы і схіліў галаву. Аловак выслізнуў з вялых пальцаў і боўтнуўся ў ваду. Гэта быў дарагі цяжкі металічны аловак з устаўным стрыжнем, таму ён імгненна пайшоў на дно. Кастусь пачуў, як боўтнуўся аловак, і прахапіўся. Каб Шаранговіч сядзеў над плыткім месцам, ён мог бы палезці ў Свіслач і пашукаць згубленую рэч, але таго разу Кастусь выбраў месца над глыбокай ямінай. Знайсці аловак шанцаў не было.

Хлопец ужо збіраўся пайсці дахаты, калі вада ў рачной яміне закалыхалася і з яе ўзняўся зялёнабароды Вадзянік. Ён паказаў Кастусю залаты аловак і запытаў: "Твой?" Шаранговічу страшэнна спадабаўся вялікі важкі залаты аловак з устаўным стрыжнем. Ён ледзь не сказаў, што гэта ягоны аловак, але стрымаўся і не схлусіў. Вадзяны чорт схаваўся ў Свіслачы, але праз імгненне ўсплыў і працягнуў Кастусю яго звычайны аловак: "Трымай свой аловак. А за тое, што не хлусіў, я падарую табе залатую рэч. Усё, што ты намалюеш залатым алоўкам, будзе ацэньвацца на выдатна і выдатна прадавацца..."

Так і адбылося. Усё, што Кастусь Шаранговіч маляваў залатым алоўкам, падораным Вадзяніком, выдатна прадавалася і ацэньвалася на выдатна. Добра, што хлопец быў нясквапным чалавекам, маляваў і прадаваў роўна столькі, каб хапала на сціплае жыццё. Кастусь рабіў малюнкі да дзіцячых кніжак і за такім заняткам дажыў да пяцідзесяці гадоў. У пяцьдзясят дактары знайшлі ў Шаранговіча рак. Гэтую кепскую навіну Кастусь панёс на бераг Свіслачы. Там ён сеў над глыбокай ямінай і расказаў пра сваю хваробу рачной вадзе. З-пад вады ўзняўся доўгабароды чорт і папрасіў Кастуся вярнуць залаты аловак. Шаранговіч вярнуў Вадзяніку яго аловак і пайшоў у майстэрню, дзе ўсё акуратна ўпарадкаваў і прыбраў. З прыбранай майстэрні мастак Шаранговіч патэлефанаваў усім сябрам і знаёмым, каб развітацца. Казаў, што з’язджае з мінскай Асмалоўкі, едзе жыць на возера Балатон. Але на Балатон Кастусь не паехаў. Ён паехаў на возера Нарач, дзе ў цішыні і спакоі пражыў свой апошні год.

Мурашкі, мышы, змеі…
Пасярод Асмалоўкі стаіць дзіцячы садок. Шэры цагляны будынак не вельмі добра ўпісваецца ў пасляваенны стыль гэтага раёна. Не ўпісваецца, бо збудавалі садок значна пазней. А раней на яго месцы стаяў прыватны дамок Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад быў несусветны той стары Расціслаў. Каб Кіпцюр-Луста быў звычайным гадам, дык мужчыны не палілі б яго складзены з сасновых бярвенняў крываваты дамок. Расціслаў меў вялікія схільнасці да чорнага вядзьмарства. Ён чараваў і ліхадзейнічаў.

Пачалося з таго, што вядзьмак нагнаў у Асмалоўку процьму дробных рудых мурашак. Яны панабіваліся ў цукар, у печыва, у цукеркі. Мурашкі папсавалі ўсё салодкае. Людзям давялося павыкідаць не толькі печыва ды цукар, нават слоікі з варэннем давялося павывозіць на сметнік. За мурашкамі ў Асмалоўку прыйшлі мышы. Яны згрызлі і папсавалі тое, што мурашкі абыходзілі. Мышы грызлі сала і мяса, макароны і крупы, кардон і паперу. Двойчы ў Асмалоўку наведваліся брыгады з санэпідэмстанцыі. Мужчыны ў зялёных камбінезонах залівалі Асмалоўку атрутай. Першы раз супраць мурашак, другі — супраць мышэй. Атрута дапамагла. Мурашкі і мышы пазнікалі. Шкоды яны нарабілі шмат, але ў Асмалоўцы іх павыводзілі.

Цяжэй за ўсё было са змеямі. Гадзюкі пачалі з’яўляцца ў самых неверагодных месцах… У ложку, пад прасцінамі. У каструлях. У кішэнях кажухоў і палітонаў. Людзі палохаліся да страты прытомнасці. Жудасць ахапіла ўсіх жыхароў Асмалоўкі. Усіх, акрамя ведзьмака Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад радаваўся. Хадзіў па Мінску падвяселены самагонам і выхваляўся, што трымае ў страху ўвесь свой раён.

Асмалоўскія мужчыны пачулі выхвалянні ведзьмака. Уночы на таемным сходзе мужчыны вырашылі спаліць жыўцом Кіпцюра-Лусту. Яны падпёрлі дзверы яго дома бервяном, каб вядзьмак не змог уцячы. Аблілі сцены газаю і падпалілі. На вокнах у дамку былі жалезныя краты. Так што вядзьмак мусіў загінуць у полымі. Павінен быў, але не загінуў, бо ператварыўся ў вялізнага гругана. Калі ахоплены агнём дах праваліўся, людзі пабачылі, як у слупе дыму падымаецца ў неба вялікі птах. Ён зрабіў кола над Асмалоўкай і паляцеў у бок плошчы Перамогі… Недзе праз год на папялішчы збудаваўся самы звычайны мінскі дзіцячы садок.

Сабака, рогі, скарб…
Юрась Холад кожную пятніцу заходзіў у "Цэнтральны" ўніверсам. Там стойма ён з’ядаў слойку са шпінатам. Так закусвалася сто грам гарэлкі. Пятнічны пачастунак Юрась дазваляў сабе пасля лекцый, якія чытаў ва ўніверсітэце. Гісторык Холад быў кансерватарам, ён заўжды глядзеў у той бок, куды раіла глядзець дзяржава. Калі загадвалі глядзець на Усход, Холад паварочваў твар на Усход, калі на Захад — на Захад. Такіх кансерватараў цэняць у адукацыйнай сістэме. Юрась ганарыўся тым, што яго высока цэніць начальства, таму не дазваляў сабе выпіваць больш за сто грам і з’ядаць больш як адну слойку са шпінатам. Толькі кожная сістэма рана ці позна дае збой.

Аднойчы Холад сам не заўважыў, як заказаў другія сто грам і другую слойку. Ён нават сам на сябе насварыўся за гэткі недарэчны ўчынак, але выпіў і з’еў усё заказанае. Захмялелы лектар прайшоў ад "Цэнтральнага" праз парк у сваю Асмалоўку. Ён так хадзіў пяць разоў на тыдзень. Па дарозе нічога не здарылася. Нечаканае відовішча сустрэла Юрася Холада на ганку яго двухпавярховага жаўтасценнага дамка. Рагаты сабака сядзеў на ганку і добразычліва пазіраў на Холада чорнымі вычыма. Юрась ніколі не бачыў рагатага сабаку, таму спыніўся, каб паразглядаць белыя, гладкія і вострыя рожкі. Сабака ўстаў і адбегся ад цікаўнага выкладчыка дзяржаўнай гісторыі. Холад пайшоў за ім. Сабака перабег вуліцу і накіраваўся да крамы "Суседзі", адтуль ён спусціўся на плошчу Перамогі, а з яе завёў п’янага Холада ажно на Вайсковыя могілкі. Там Юрась сеў на лавачку адпачыць. Ён стаміўся за працоўны тыдзень так, што пасля выпіўкі і шпацыру заснуў.

Прачнуўся Юрась пасярод ночы. За помнікам Якубу Коласу Холад убачыў бочку, поўную агню. Вакол яе стаялі прывіды. Юрась так змерз падчас сну на лаўцы, што забыўся на асцярожнасць і падышоў да бочкі, каб трохі сагрэцца. Самы высокі з прывідаў зірнуў на госця і прагудзеў:

— Мне здаецца, што паміж намі стаіць чалавек…

Прывучаны да падпарадкавання Холад спакойна загудзеў у адказ:
— Табе здаецца…

Гудзенне чалавека зусім не адрознівалася ад гудзення прывіду. Сагрэўшыся, Юрась Холад вырашыў паспытаць шчасця і загудзеў:

— Ці ёсць які варты ўвагі клад на Вайсковых могілках?

Высокі прывід паціснуў празрыстымі плячыма:

— Мы прывіды, нашто нам клады?

Нечакана яму запярэчыў самы нізкі з прывідаў:

— КладЫ кладАмі, а клАды клАдамі… КладЫ без клАдаў і не кладЫ! На нашых Вайсковых кладАх самы каштоўны клад — пад Купалавым помнікам. Пад Коласавым таксама клад, але не такі каштоўны…

Юрась Холад, дазнаўшыся ад прывідаў пра клад, схадзіў дамоў, прынёс рыдлёўку і выкапаў з-пад помніка вялікі чыгун з золатам. Юрась ведаў, што золата — каварны метал, які вымагае пільнасці і разумнасці. Холад збываў залатыя манеты паступова. Здабытымі грашыма Юрась зрабіў даплату, каб абмяняць сваю цёмную аднапакаёўку ў Асмалоўцы на прасторную трохпакаёўку на плошчы Перамогі.

У памяць пра неверагоднае здарэнне гісторык Холад вырашыў заказаць у мастака карціну з выявай рагатага сабачкі. Ён спрабаваў заказаць карціну ў Ігара Цішына і Руслана Вашкевіча, але яны запрасілі за сваю працу даволі вялікія сумы. Тады Холад прыйшоў да мяне
— і я намаляваў яму рагатага сабаку акрылам на паперы за сто еўра.

Радыё, тэлевізар, камп’ютар…

Разалія Гуд гадавала сына Леаніда адна. Ад сур’ёзных людзей жанчына пачула, што ў горадзе завялася Дамавіна з чырвонымі вуснамі. Казалі, што, калі нехта з дзяцей застаецца дома адзін, Дамавіна даведваецца праз радыё, тэлевізар ці камп’ютар адрас самотнага, прылятае туды і з’ядае яго. Таму, перад тым як пайсці на работу, Разалія забараніла сыну ўключаць камп’ютар, тэлевізар і радыё.

Не паспела маці зачыніць дзверы, як непаслухмяны сын ужо ўключыў радыё. Яно крыху пасіпела-пагрукатала-памуркала і загаварыла:

— Хлопчык-хлопчык, ты застаўся дома адзін. Твая маці пабегла на работу. Назаві мне вуліцу, на якой ты жывеш. Я прыду да цябе, і мы разам пагуляем у карты.

Леанід вырашыў не размаўляць з невядомым жаночым голасам. Ён вырашыў не адказваць, бо здагадаўся, што з ім размаўляе не жанчына, а Дамавіна з чырвонымі вуснамі.

— Не бойся мяне. Назаві мне вуліцу, на якой ты жывеш, я прыду, і ты пабачыш праз акно, што я зусім не пачварная. Я нават вельмі прыгожая… Не хочаш называць вуліцу? Не трэба. Я ўжо ведаю яе. Ты жывеш у Асмалоўцы на вуліцы Чычэрына.

Леанід Гуд разам з маці Разаліяй і сапраўды жыў у Асмалоўцы на вуліцы Чычэрына, таму хлопец моцна спалохаўся і выцягнуў вілку з разеткі, абясточыўшы радыё.

Нейкі час Леанід прасядзеў у цішыні. Страх прапаў, і хлопцу зрабілася сумна. Так сумна, што ён уключыў тэлевізар. Экран паміргаў-пастракатаў-падрыжаў, і на ім з’явілася чорная дамавіна з малінавымі вуснамі на тарцы. Вусны заўсміхаліся і мілагучным голасам загаварылі:

— Хлопчык-хлопчык, ты не паслухаўся маму і ўключыў тэлевізар, бо табе зрабілася сумна. Я магу прыляцець і развесяліць цябе гульнёй у карты. Я ведаю, што ты жывеш на вуліцы Чычэрына. Цяпер ты мне скажаш нумар свайго дома, і я прылячу. Кажы...

Леанід вырашыў не адказваць. Ён пабойваўся вялікіх малінавых вуснаў.

— Не хочаш казаць нумар дома — і не трэба, бо я ведаю, што ты жывеш у доме нумар сем.
Хлопец і сапраўды жыў на Чычэрына, 7, а таму спужаўся і выцягнуў вілку тэлевізара з разеткі. Экран згас.

Каб не ўключаць камп’ютар, Леанід вырашыў памаляваць на паперы. Ён намаляваў тэлеэкран, а на ім чорную Дамавіну з малінавымі вуснамі. Дамавіна на малюнку выглядала зусім не страшнай, яна здавалася нават добрай. Таму Леанід і наважыўся ўключыць камп’ютар. На маніторы імгненна з’явілася маленечкая чорная Дамавіна. Такая маленькая, як футарал ад мамінай ружовай памады для вуснаў. Яна шэптам папрасіла Леаніда назваць нумар сваёй кватэры.

— Не скажу я нумар кватэры, бо маці забараніла ўключаць камп’ютар і размаўляць з незнаёмымі дамавінамі.

— Не трэба лгаць. Мы з табой ужо пазнаёміліся і праз радыё, і праз тэлевізар. Не хочаш называць нумар кватэры? Не называй, я і так яго ведаю. Ты жывеш у кватэры нумар адзін. Правільна? Правільна — Чычэрына, дом сем, кватэра адзін! Я ў яе якраз і залятаю.
Леанід хуценька абясточыў камп’ютар. Ён спадзяваўся, што гэта спыніць Дамавіну з малінавымі вуснамі. Не спыніла. Яна заляцела ў кватэру, разявіла доўгую, як у кракадзіла, пашчу і з’ела сямігадовага Леаніда Гуда.

Правільна казала Разалія Гуд, што ўсе дамавіны — людаедкі. Яна казала, а сын не слухаў. Вось і згінуў праз сваю непаслухмянасць.

Асмалоўка, Масюкоўшчына, Курасоўшчына
Вяселлі ў Асмалоўцы любяць. Яно і зразумела, бо вяселлі любяць паўсюль. Якое жыццё без гаманкога застолля ды без палымяных танцаў? На вяселлі ў Алеся Крыгі спявала ўся Асмалоўка. Не абышлося без бойкі. Сцяпан Мурза так наспяваўся, наскакаўся і напіўся самаробнай гарэліцы, што асмялеў і сказаў: "Крыга, а твой шлюб не роўны. Жонка твая Аксана ўтрая прыгажэйшая за цябе!" За гэта Мурза атрымаў ад Крыгі далонню па шчацэ, а ў адказ з’ездзіў кулаком па носе жаніха і спусціў яму юшку. Алесь збіў Сцяпана з ног і затаптаў бы яго, каб мужчыны не адцягнулі баявітага жаніха ад скурчанай на зямлі ахвяры.

Праўду кажучы, роўных шлюбаў наогул не бывае. Заўсёды нехта ў новай сям’і багацейшы, а нехта разумнейшы за свайго нарачонага. Безумоўна, п’яніца Мурза меў рацыю, бо Аксана была нашмат прыгажэйшай за Алеся. Крыга яе доўга шукаў. Ён прывёз яе ў Асмалоўку ажно з Масюкоўшчыны. Мужчына страшэнна ганарыўся сваім выбарам. Ганарыўся да той пары, пакуль не даведаўся, што жонка Аксана — пярэварацень…

Уночы жанчына выходзіла на двор і ператваралася ў кошку. Ні адна сапраўдная кошка ў Асмалоўцы не магла за якіх дзесяць хвілін злавіць, задушыць і пакласці на ганку дзесяць мышэй. Аксана магла. Яна не толькі лавіла, душыла і раскладвала мышэй на ганку, але і з’ядала іх потым. Раздзірала напалам і праглынала разам з лапамі і хвастамі.

Калі добразычлівыя суседзі расказалі Алесю пра прыгоды яго Аксаны, ён спачатку не паверыў. Давялося яму аднойчы ноччу на свае вочы пабачыць ператварэнне жанчыны ў кошку. Калі тая глынала парваных мышэй, Алесь Крыга не вытрываў, уцёк — і яго званітавала.

Ранкам пасля здарэння Крыга на таксі павёз сваю прыгажуню Аксану з Асмалоўкі ў Масюкоўшчыну. Ён адвёз яе ў дом да бацькоў і сказаў, што нават больш не хоча пра яе чуць. Цяпер у Асмалоўцы мышэй ловяць самыя звычайныя каты. А што з Алесем Крыгай? Шукае новы, больш роўны шлюб. Кажуць, што ўжо прыгледзеў сабе прыгажуню ў Курасоўшчыне. Сцяпан Мурза кажа, што хутка ў Асмалоўцы будзе новае вяселле. Гульнём!

Комментарии

Популярные события

Выходные в городе

ЖурналWhere Minsk

Рекомендации Where Minsk

Новости

Популярные|Последние
 
 
Новый формат, новое место: бесплатный Tuborg Open Fest пройдет 1 сентября в "Песочнице"
 
 
Гастроли московского театра "На Малой Бронной"
 
 
Развлечения, мороженое и новые дневники: праздник в честь начала учебного года пройдет в Минске
 
 
Гастроли московского театра "На Малой Бронной"
 
 
Искусство как вызов: Руслан Вашкевич собирает добровольцев для реализации нового художественного проекта

© 2012-2015, LLC Travel-Press
База данных сайта и всех его поддоменов является интеллектуальной собственностью LLC Travel-Press и охраняется законом.
Сайт может содержать контент, не предназначенный для лиц младше 16 лет.