Сеть городских журналов Where Magazines:
в 70 городах мира c 1936 года

Новое

Маргарыта Латышкевiч "Тры месяцы да вясны"

 
 

В Минске 18—19 мая пройдет фестиваль "Город и книги", а в его рамках — презентация литературного сборника "10+10: Минск". В него войдут 10 произведений известных авторов, среди которых Людмила Рублевская, Адам Глобус, Андрей Жалевский и Евгения Пастернак, и 10 текстов молодых писателей. where Minsk совместно с фестивалем запускает спецпроект: несколько произведений известных авторов первыми появятся на нашем сайте. Открывает серию Маргарита Латышкевич, руководитель проекта "10+10", писатель, фольклорист, редактор отдела прозы журнала "Маладосць", с рассказом "Тры месяцы да вясны".


Дзеда не стала хмурным днём на пачатку снежня. Пыльны тэлефон у вітальні, перажытак эры дыскавых апаратаў, раптам разарваўся крыкам. І гэты факт ужо сам па сабе быў знакам нешчаслівай няправільнасці: стацыянарным тэлефонам дома ніхто не карыстаўся гадоў пятнаццаць, ды і званілі на яго звычайна толькі распаўсюджвальнікі “брэндавага нямецкага посуду па мізэрных коштах” ці махляры, што дзелавым тонам загадвалі чакаць наладчыкаў пластыкавых вакон. Пасля чарговай серыі прапаноў агрэсіўнага тэлефоннага макетынгу хтосьці – часцей за ўсё маці – заўжды выцягваў з разеткі тэлефонны шнур, і тэлефон часова нямеў і глух.

У той дзень, як ні дзіўна, шнур аказаўся на сваім належным месцы. Максім, які якраз абуваў цяжкія зімовыя боты, пацягнуўся, не падымаючыся з месца, скінуў стос старых газет, парушыў парадак шчотак для абутку на нізкай палічцы. Ледзь не згубіўшы разнавагу, намацаў-такі слухаўку, паднёс да вуха, змагаючыся з пераблытанымі завіткамі чорнага проваду.

Жаночы голас з таго боку, слабы, невыразны, скажоны траскам і віскатам, назваў Максімава прозвішча, удакладняючы. А пасля, без паўзы, выгукнуў плаксіва, што Арсень Пятровіч памёр, так і не прыйшоўшы ў прытомнасць, гэтай ноччу. Голас заціх, але гудкоў не было, слухаўку на тым баку не паклалі, і Максім зразумеў, што ад яго чакаюць сацыяльна прынятай дэманстрацыі гора. Але Максім упарта маўчаў, слухаючы, як за дзвярыма грукоча каляскаю, выбіраючыся з цеснага міжкватэрнага тамбура, суседка, як хныча, трымаючы адну нізкую густую ноту, яе шасцімесячны сын. Пасля жаночы голас, мусіць, вырашыў, што даніна палітэсу прынесеная, і будзёна загаварыў пра тысячы тых непрыемных дробных справаў, якія цягне за сабою смерць.

У маленькай вітальні было душна, і Максім сцягнуў шапку, ускудлачыў адной – свабоднай ад слухаўкі – рукой валасы. Слабенькі жаночы голас, што так размерана выкладаў зараз непрывабныя факты, якімі абстаўлена паміранне, надзейна прыкаваў яго да табурэта. Варта было б, мусіць, высветліць прыналежнасць голасу: – суседка, сваячка, сядзелка, – але прасцей было ўяўляць, што па той бой нікога няма, што з ім гаворыць нейкая бесцялесная істота.

Бо і дзед быў стварэннем амаль міфічным – і таксама бесцялесным. З самага маленства Максім ведаў, што дзед – ёсць, як дзеці ведаюць, ніколі не бачыўшы, што пад ложкам у іх жыве бука. Вядома, з Максімам пра дзеда ніхто ніколі не размаўляў – але дзед жыў у бабуліных падціснутых вуснах, у яеным змрочным “Ты зусім як той!”, якое звычайна адрасавалася бацьку. І бацька скаланаўся, быццам яго выцялі: не хацеў быць падобным да таго.

Пазбавіцца дзеда, нябачнага і ўсюдыіснага, было немагчыма. На старанна абрэзаных бабуляй фотаздымках – чорна-белых, яшчэ з бацькава маленства – непазбежна заставалася або вялікая далонь, або плячо ў клятчастым пінжаку. І ўвесь бабулін свет быў таксама быццам няпоўны, абрэзаны ёю самой, з абмежаваннямі на кожным кроку. Ніякіх астраў у падарунак, нават на картках, нават на малюнках, – таму што такія кветкі любіў і дарыў ёй дзед. Ніякіх карамелек-“барбарысак”, ніякіх клятчастых касцюмаў, ніякага Чайкоўскага, ніякага тытуню, кавы, абрыкосаў. Ніякага Купалаўскага тэатра і ніякага парка Горкага. Табу былі паўсюль, таму суіснаванне з бабуляй нагадвала гульню ў сапёра.
– Яна вельмі кахала, – тлумачыла Максіму маці напаўголаса. – Таму ніколі і не выбачыла.
Максім здзіўляўся, але, на ўсякі выпадак, таксама старанна не выбачаў. І гэтая чужая крыўда жыла ў ім вельмі трывала. Настолькі трывала, што, калі настаўнік у музычнай школцы неяк пацікавіўся, ці не сваяк Максім “славутаму Арсеню Пятровічу”, Максім пачырванеў і сярдзіта выгукнуў:

– Вось яшчэ!..

Зрэшты, нават тое, што Максім займаўся музыкай, у бабуліных вачах небяспечна набліжала яго да дзеда. На скрыпку яна глядзела, быццам на ўласнага кроўнага ворага, і змагалася з гэтым ворагам не самымі чэснымі метадамі: то блытаючы ноты, то скідваючы з шафы футляр падчас прыборкі. Усё, вядома ж, не наўмысна.

Бабуля адышла гадоў дзесяць таму, так ніколі і не выбачыўшы. Хтосьці з далёкіх сваякоў, што прыехалі на пахаванне, захацеў заварыць кавы і здзіўляўся, чаму ў доме няма аніякай, нават распушчальнай. У выніку усё-такі прыцягнулі каву ў папяровых стаканчыках з бліжняй кавярні. Максім, тады яшчэ адзінаццацікласнік, сядзеў на кухні, удыхаў нязвыклы водар кавы і слухаў, як бацькі спрачаюцца, ці трэба пра ўсё паведаміць таму, а калі трэба, то – як.

Паведамілі або не, Максім так і не дазнаўся. Амаль адразу пасля быў экзаменацыйны марафон: заканчэнне школы ды паступленне. Якраз уводзілі цэнтралізаванае тэставанне, вакол панавалі ажыятаж і паніка, бо справа была новая, нязвыклая. Адзінае, што Максім запомніў з свайго варыянту заданняў, было пытанне пра самы першы шматпавярховы дом на Беларусі, – і тое толькі таму, што адказу не ведаў. Апроч гісторыі трэба было здаваць іспыт па творчасці – праграма, сальфеджыа і гармонія, – але гэта хвалявала ў значна меншай ступені, чым тэсты.

У дзень іспыту Максім быў сонны і млявы, рухаўся нязграбна, як шарнірная лялька, а перад ягонымі вачыма плылі калідоры, аўдыторыі, дапытлівыя твары. Маці хвалявалася, ішла за ім, растрывожаная, з заплаканымі вачыма, спрабавала то паправіць каўнер, то прыгладзіць валасы. Максім не супраціўляўся – ён увесь, да макаўкі, быў поўны чагось дзіўнага, што снілася і ніяк не магло ўспомніцца, і гэтае дзіўнае трэба было несці асцярожна, каб не змарнаваць і не згубіць. І як толькі загаварылі струны – дзіўнае вызвалілася, вылілася, загучала і вырасла больш за Максіма, больш за экзаменацыйны пакой, больш за прыціхлы пераднавальнічны горад.

Пасля, як звычайна, унутры было пуста, і Максім – абалонка Максіма – стаяў, прыкрыўшы вочы, ля вакна. А над Траецкім прадмесцем плылі ліловыя хмары, поўныя грымотаў, і густыя галасы званоў.

– …не сваяк вы Арсеню Пятровічу? – спытаў у Максіма нехта на калідоры, ухапіўшы за рукаў. І ажно языком цокнуў: – Ах, дасюль не магу забыць, як ён граў тады на фестывалі ў шэсцьдзесят пятым!..

– Не, – суха адказаў Максім, з гідлівай стараннасцю вызваляючы рукаў ад учэпістых пальцаў. – Цёзка.

Гэтая хлусня была настолькі звыклай, што нават яму самому падавалася праўдай. Няўлоўны Арсень Пятровіч, які ўсё Максімава маленства існаваў побач, стаў проста зданню. Без бабуліных штодзённых забаронаў, на якія спатыкаешся ўвесь час, напаміну пра гэтую здань не было – і прывід развеяўся.

Максім паступіў і штодзень ездзіў на электрычцы да Кастрычніцкай і пад ляпнымі аздобамі шэрых сталінак крочыў да будынку Акадэміі з белымі калонамі. Гадзіннік на ратушы штогадзіны вызвоньваў адзін і той жа матыў, а людзі пры першым знаёмстве штораз пыталіся адно і тое ж. На гэтае абрыдлае пытанне Максім заўжды адказваў адмоўна, быццам хаваўся ў акрэсленае яшчэ бабуляй зачараванае кола.

А зараз вось дзеда не стала, і Максім, дарослы чалавек, ужо музыка ў аркестры, саліст, лаўрэат і дыпламант, раптам зноў стаў маленькім хлопчыкам і бездапаможна слухаў жаночы голас з тэлефона. Пасля, калі голас развітаўся і рассыпаўся дробнымі гудкамі, ён асцярожна паклаў слухаўку і сеў нерухома, убіраючы ў сябе цішыню, што раптоўна набралася злавеснасці. У кішэні курткі настойліва завібрыраваў смартфон. Максім паморшчыўся, выцягнуў яго і, ледзь зірнуўшы на экран, адхіліў выклік. Гаварыць не хацелася, ні з кім – хаця б пяць хвілін, хаця б хвіліну. Заплюшчыць вочы і памаўчаць, слухаючы, як уздыхае ўвесь дом, як цяжка караскаецца ўверх, аддзелены многімі сценамі, ліфт, як вуркоча ў кухні халадзільнік, як дзілінкаюць за шклопакетамі неўтаймаваныя трамваі. У гарадской кватэры ніколі не бывае поўнай цішыні.

Пасля на электронным гадзінніку тройка змянілася чацвёркай – і гаварыць давялося. Трэба было тэлефанаваць на працу, тлумачыць, выбачацца, абяцаць, выслухоўваць абавязковыя спачуванні, драўляна дзякаваць за гэтую змушаную, выключна этыкетную спагаду. Размаўляючы, Максім круціў у пальцах паперку з наспех запісаным адрасам і тэлефонам. І думаў чамусь – як бы паўзверх усіх астатніх думак пра ўладкаванне цэлага шэрагу праблем – пра бабуліны адвечныя табу. Яшчэ ён ашчадна перабіраў ў памяці кожную забарону, складваў у адно цэлае цьмяны дзедаў вобраз і не мог скласці, як казачны Кай не мог скласці з ільдзінак слова “Вечнасць”.

З нізкага шэрага неба павольна падалі белыя пёркі снегу. Сыпаліся на дахі і парасоны, на шэрагі аўтамабіляў на праспекце. У плыні аўто, быццам у смале, загразла некалі аўтобусаў, хтосьці надрыўна сігналіў. Максім, падняўшы капюшон, змяшаўся з натоўпам, спусціўся па склізкіх прыступках, плячом пераадолеў супраціўленне шкляных дзвярэй і пластыкавай карткай падкупіў металічны бар’ер. Прыхінуўшыся да шэрай калоны, дачакаўся электрычкі, уціснуўся ў плотна набіты вагон. У вагоне, пагушкваючыся ў бляклым электрычным святле, ён глядзеў невідушчымі вачыма ў вакно, за якім праносіліся бетонныя сцены, і ўсё ўспамінаў, успамінаў.

На Кастрычніцкай Максім выйшаў – дакладней, быў вынесены натоўпам з вагона. І, быццам трэска ў прыбоі, быў выкінуты на эскалатар. Металічныя прыступкі мерна шаргацелі, дзесьці плакаў дзіцёнак, а Максім усё спрабаваў знайсці ўнутры сябе хаця б драбочак гора. Не атрымлівалася, і ад гэтага было амаль да болю сорамна.

Ён выбраўся з-пад зямлі, зноў трапіўшы пад мокры снег, чамусь не там, дзе збіраўся, а ля прыступак Палаца прафсаюзаў. Вырашыў прайсціся, каб праветрыцца, і павольна рушыў па праспекце. Леваруч згледзеў краму – і зайшоў, бо змаладушнічаў, збаяўся застацца сам-насам з уласным сорамам. Крама была дробная, з не самым шырокім асартыментам, але Максім, абтрасаючы сняжынкі з рукавоў, стаў у хвост чаргі. Кампанія смяшлівых школьніц купіла па марожаным, двое хлопцаў у працоўных камбінезонах – па булачцы і бутэльцы ёгурту. Высокі чорнабароды мужчына, пабліскваючы акулярамі, доўга выбіраў набор пернікаў – і ў выніку набыў стограмовую шакаладку.

– Вам чаго? – без асаблівай ветлівасці спытала пухлаватая прадаўшчыца. Максім змяшаўся: пакуль ён назіраў за іншымі пакупнікамі, прыдумаць нешта сваё так і не атрымалася.

– Цукеркі, – пасля паўзы выціснуў Максім, кінуўшы пагляд на прылавак, і тыцнуў пальцам на ўдачу ў адзін з цэннікаў. Прадаўчыца закаціла вочы і, выбіўшы чэк, запатрабавала рубель з дробяззю. Наўзамен кінула пакецік з цукеркамі.

Максім згроб здачу і пакупку і толькі на вуліцы, перасекшы праспект, прачытаў на пакеціку: “Смак барбарысу”. Здзівіўся і, зладзеявата азірнуўшыся, надарваў пакунак і выцягнуў адну цукерку. Патрымаў на далоні, нясмела развярнуў і ўкінуў у рот. Ішоў паўз будынак цырку з прысыпаным снегам купалам-панцырам, па склізкай вуліцы, што спускалася да парка Горкага. Снежаньскі снег патыхаў барбарысавым водарам.

Дзедаў дом глядзеў на заснежаны парк, на зацягнутую танюткім льдом Свіслач. Максім зверыўся з адрасам на падмоклай паперцы і даў нырца ў гулкую арку. У дворыку, паблытаўшыся ў пад’ездах, нарэшце знайшоў патрэбны, нервуючыся і падглядаючы ў паперку, нашчоўкаў лічбы на дамафоне. На трэцім паверсе дзверы патрэбнай кватэры былі прыадчыненыя, і з іх, прарэзваючы паўзмрок калідорчыка, падала залатая палоска святла. Па гэтай палосцы Максім падышоў да дзвярэй, паторгаў гузік званка, але той не адазваўся. У залітай рэзкім святлом вітальні Максіма сустрэлі масіўная шафа ды вялікае замглёнае люстэрка. Старая суседка, маленькая, як гарошына, і такая ж круглая, выпаўзла аднекуль з глыбіні кватэры, глуха павіталася – і голас са слухаўкі імгненна набыў цялеснасць.

У густа застаўленай мэбляй залі, дзе ўсё яшчэ трывожна пахла лекамі, Максім цярпліва выслухаў, як дзеду ўсё горшала, як учора вечарам выклікалі “хуткую”, а тая забрала ў бальніцу. Уціснуты між вакон, побач вісеў дзедаў партрэт: бледны твар, паўсмешка, доўгія пальцы на грыфе скрыпкі. Пад партрэтам на кульгавым століку пыліліся саламяныя кветкі ў вазоне.

– Дарэчы, – сказала суседка, прасачыўшы Максімаў позірк. – Вы да яго дужа падобны. Далібог, на вуліцы пазнала б.

Максім нахмурыўся быў, каб, як звычайна, адвесці ад сябе, адсячы любую сувязь. Ды сустрэўся з партрэтам вачыма – і сутаргай перахапіла горла, і кальнула вочы знутры, так што давялося часта заміргаць.

Таму ён змоўчаў, утаропіўшыся ў хмурны снежаньскі дзень за акном, і толькі, быццам бы мімаходзь, паклаў на столік пад партрэтам надарваны пакецік барбарысак.

Комментарии

Популярные события

Выходные в городе

ЖурналWhere Minsk

Рекомендации Where Minsk

Новости

Популярные|Последние
 
 
30 лет создания и овации Канн: velcom Silver ART покажет новый фильм режиссера Терри Гиллиама "Человек, который убил Дон Кихота"
 
 
Ромео и Квазимодо: в Минске покажут уникальное мюзикл-шоу
 
 
Нужно больше IT-специалистов! WG Forge расширяется и объявляет набор на новые курсы
 
 
Презентация детской книги поэта Лены Зински "Детский сад для букварят, или Азбука в стихах"
 
 
Событие для тех, кто продает и покупает: выставка "Мебель-2018"

© 2012-2015, LLC Travel-Press
База данных сайта и всех его поддоменов является интеллектуальной собственностью LLC Travel-Press и охраняется законом.
Сайт может содержать контент, не предназначенный для лиц младше 16 лет.