Сеть городских журналов Where Magazines:
в 70 городах мира c 1936 года

Новости Where Minsk рекомендует

"Я люблю прыязджаць у Мінск начным цягніком"

 
 
"Я люблю прыязджаць у Мінск начным цягніком": , Минск
Фото: velcom

16, 17 і 25 траўня пры падтрымцы кампаніі velcom і Міністэрства культуры на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра пройдзе прэм'ера спектакля па беларускім бэстсэлеры, тыраж якога дадрукоўваўся тройчы — дзённіка Андруся Горвата "Радзіва" Прудок". "Гэтая гісторыя сама па сабе ўжо стане гарадской легендай. Магчыма, праз шмат год мяне забудуць як аўтара, але легенда пра тое, што тэатральны дворнік напісаў кнігу, па якой паставілі спектакль, — застанецца. І я ганаруся, што падарыў такую прыгожую гісторыю Мінску", — так пачынае аповяд пра свой Мінск Андрусь.

Купалаўскі тэатр
Гэта мой нулявы кіламетр у Мінску. Колісь я працаваў тут дворнікам — прыходзіў раней за купалаўцаў і рабіў на снежнай прасціне сцежкі, якія звязвалі будынак тэатра з мацерыком. Потым па гэтых сцежках прабіраліся акцёры. Я быў знаёмы з усімі сабачнікамі і пенсіянерамі, якія жылі ў дамах побач. Ведаеце, гэта вельмі падобна на Парыж. Як на якой-небудзь авеню Клішы гаспадар кавярні варыць каву першаму наведвальніку, які жыве на другім паверсе над кавярняй. А насупраць на тратуары на кавалку картона сядзіць жабрачка. Парыжанін п’е каву, гаспадар стаіць у дзярах, грэе на сонцы шчокі і перакідваецца жартамі з жабрачкай. Яны ўтвараюць маленькую гарадскую сям’ю. Такая сям’я ў мяне была ў Купалаўскім тэатры. Ужо тры гады я не жыву ў Мінску, але заўсёды вяртаюся сюды, каб набрацца энергіі. Тэатр — гэта мая вялікая мінская батарэйка. Думаю, як добра, што мяне не ўзялі дворнікам у гандлёвы цэнтр "Карона" — я спрабаваў уладкавацца туды, але не прайшоў па конкурсе.

Універсам "Цэнтральны"

Я не ведаю, у чым сакрэт, але гэтае месца прыцягвае. Можа быць, разгадка ў тым, што тут сціраюцца сацыяльныя межы. У "Цэнтральным" нейкім незразумелым мне чынам ёсць і свабода, і роўнасць. Тут можна выпіць пяцьдзясят грам каньяку на разліў і закусіць бутэрбродам з сёмгай, якая ляжыць на жоўтым ад старасці маянэзе. А можна доўга чакаць, пакуль зробяць малочны кактэйль і ўслухоўвацца ў словы Адама Глобуса, які будзе стаяць за спіной і не заўважаць мяне. У "Цэнтральным" лёгка схаваць сваю адзіноту - самотна піць чай і глядзець на змрочны праспект за вакном, побач з кампаніяй студэнтаў, якія п’юць піва. "Цэнтральны" — гэта асаблівае месца ў Мінску. Яно ўзнікла стыхійна. Яго няможна прыдумаць спецыяльна.

Вакзал
Я яго люблю яшчэ са стунэнцкіх часоў, калі толькі прыехаў з правінцыі, быў худым хлопчыкам са спужанымі вачыма. З вакзала для мяне пачаўся Мінск. Калі я быў выключаны з універсітэта (давучыўся пазней), то прыходзіў сюды штодня, купляў газету "Требуются" і шукаў работу. Адсюль ездзіў на суразмоўі, сюды вяртаўся. Пераапранаўся ў прыбіральні. Таксафон, інтэрнет, кавярня — вакзал быў маім офісам, калі я збіўся і не мог знайсці сваю дарогу. Я тут правёў шмат начэй, калі не было свайго жытла. Калі хацеў памірыцца з дзяўчынай, напісаў ёй, што буду чакаць на вакзале ад поўначы да першага метро. І чакаў цэлы тыдзень. Але яна так і не прыехала. Такая гісторыя.

З вакзала я "назаўсёды" з’ехаў у Самару, але праз два месяцы вярнуўся. Ён і цяпер раз-пораз выцягвае мяне з Калінкавіч. Я люблю прыязджаць начным цягніком у Мінск, выпіваць на вакзале першую каву і праз гарадскія вароты ісці ў бок праспекта сустракаць сонца. Не ведаю, менавіта так, мне падаецца, трэба пачынаць дзень у Мінску.

Верхні горад
Гэты кавалак Мінска з’явіўся для мяне зусім нядаўна. Раней чамусьці здавалася, што паміж Кастрычніцкай плошчай і Нямігай нічога няма. А там узноўлены кавалак старой Еўропы. У гэтым месцы Мінск паказвае, якім бы ён хацеў быць, калі б за савецкім часам яго не паспрабавалі падагнаць пад агульны стандарт.

Траецкае прадмесце не выклікае ў мяне такіх сантыментаў. Яно ўсё-такі выглядае на макет, сувенір для турыстаў. А ў Старым горадзе захавалася жывая душа Мінска. Жывое прыцягвае людзей. Адсюль сапраўдны Мінск пачынае нараджацца нанова. Спачатку паўстала Ратуша, потым ля яе загучаў джаз, цяпер выцекла вялікай ракой вуліца Зыбіцкая.

Мяне гэтае месца вабіць яшчэ і тым, што сто год таму тут, на плошчы Свабоды, былі апартаменты ў майго родзіча Оттана Горвата. Ён паляшук, меў сядзібу у Ліпаве (цяпер мой Калінкавіцкі раён), але займаў высокую пасаду маршалка шляхты Мінскай губерніі, то шмат часу праводзіў у Мінску. Ён, дарэчы, ахвяраваў грошы на будаўніцтва тэатра, у якім я потым буду працаваць дворнікам. Мяне такія спляценні зачароўваюць. Яны даюць права хадзіць па гэтай зямлі і любіць яе. Быць ёй не госцем, а носьбітам яе праўдзівай, непарыўнай гісторыі.

Кальварыя

Чамусьці прынята лічыць, што смерць — гэта антыпод жыццю. Але я ўспрымаю смерць часткай жыцця. Гэта, дарэчы, ёсць і ў беларускай традыцыі — не развітвацца з памерлымі назаўсёды, іначай продкаў не запрашалі бы да святочнага стала на Дзяды.

Кальварыйскія могілкі — адно з самых важных месцаў у Мінску. Тут захоўваецца памяць пра людзей, якія стваралі Мінск, фарміравалі яго гарадскую прастору да нас. Ёсць магія ў тым, што побач з шырокай і шумнай вуліцай Прытыцкага Кальварыя захоўвае цішыню. Тут адпачывае беларуская шляхта, вельмі многа выбітных людзей. Для мяне мае каштоўнасць магіла Габрыэлы Горват. Яна паходзіць з роду Ваньковічаў, была жонкай майго сваяка — нараўлянскага пана Горвата. Гэта яшчэ адзін мост, які звязвае Палессе з Мінскам. Раней я даглядаў гэтую магілу, на Радаўніцу прыносіў Габрыэле жывую ружу. Першы раз не змог знайсці месца яе пахавання і паклаў ружу ля будынка касцёла. Папрасіў тых, хто адпачывае ў Кальварыі, перадаць яе Габрыэле.

А за могілкамі схаваўся прыватны сектар. Пра яго чамусьці мала хто ведае. А я жыў недалёка ад таго месца і часта катаўся на ровары па вузкіх вулачках з хаткамі. Гэта такі кавалак вёскі ў сталіцы. Я нават спецыяльна шукаў у тым раёне адзінокую бабулю, каб дапамагаць ёй па гаспадарцы. Траву пакасіць, панасіць што-небудзь. Мне ў Мінску заўсёды не хапала зямлі. Бабульку не знайшоў. Таму прыйшлося пераехаць жыць у палескую вёску.

Але ў Мінск вельмі люблю вяртацца.

У чэрвені адбудзецца 5 паказаў спектакля паводле кнігі: 1, 4, 10, 25 і 26 чэрвеня. Каб трапіць на спектакль, варта паспяшацца з браніраваннем: квіткі на майскія паказы былі выкуплены за некалькі гадзін пасля анонсу продажу. Доўгачаканы старт продажу квіткоў на чэрвеньскія паказы запланаваны на 3 мая на 11:00. Рэжысёрам спектакля выступае акцёр Купалаўскага тэатра Раман Падаляка. Пастаноўка створана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і кампаніі velcom.

Комментарии

Популярные события

Выходные в городе

Главные события недели

 

16, 17 і 25 траўня пры падтрымцы кампаніі velcom і Міністэрства культуры на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра пройдзе прэм'ера спектакля па беларускім бэстсэлеры, тыраж якога дадрукоўваўся тройчы — дзённіка Андруся Горвата "Радзіва" Прудок". "Гэтая гісторыя сама па сабе ўжо стане гарадской легендай. Магчыма, праз шмат год мяне забудуць як аўтара, але легенда пра тое, што тэатральны дворнік напісаў кнігу, па якой паставілі спектакль, — застанецца. І я ганаруся, што падарыў такую прыгожую гісторыю Мінску", — так пачынае аповяд пра свой Мінск Андрусь.

Рекомендации Where Minsk

WhereMinsk.by
в фейсбуке

Новости

Популярные|Последние
 
 
Новому А-Fest быть!
 
 
Определены победители студенческой бизнес-игры от проекта High-Flyer
 
 
Uriah Heep возвращается в Беларусь со своими золотыми хитами
 
 
Уже 50: "5 элемент" открыл юбилейный магазин в Беларуси
 
 
В Минске пройдёт Guru Blockchain Forum

© 2012-2015, LLC Travel-Press
База данных сайта и всех его поддоменов является интеллектуальной собственностью LLC Travel-Press и охраняется законом.
Сайт может содержать контент, не предназначенный для лиц младше 16 лет.